Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі Tesla ўпалі на 15% пасьля публічнага канфлікту Ілана Маска і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа


Ілан Маск і Дональд Трамп у Белым доме, архіўнае фота
Ілан Маск і Дональд Трамп у Белым доме, архіўнае фота

5 чэрвеня мільярдэр Ілан Маск рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа ў сацыяльнай сетцы X пасьля заяваў прэзыдэнта ЗША аб расчараваньні ў Маску.

«Безь мяне Трамп прайграў бы выбары, дэмакраты кантралявалі б Палату прадстаўнікоў, а рэспубліканцы прайгралі б у Сэнаце. Якая няўдзячнасьць», — напісаў заснавальнік Tesla у адказ на выказваньні Трампа.

Гэта адбылося пасьля таго, як Трамп на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме заявіў, што быў «вельмі зьдзіўлены» і «расчараваны» крытыкай Маска на адрас законапраекту з ключавымі палажэньнямі прэзыдэнцкай эканамічнай праграмы.

«Я вельмі расчараваны, бо Ілан ведаў аб працы над гэтым законапраектам лепш, чым амаль усе тыя, хто сядзеў тут, лепш, чым усе вы. Ён ведаў усё. У яго не было з гэтым ніякіх праблем», — сказаў Трамп на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. — Раптам у яго ўзьнікла праблема, і толькі тады, калі ён даведаўся, што нам давядзецца скараціць фінансаваньне на электрамабілі».

Маск адказаў на заяву прэзыдэнта ў іншым допісе ў сацыяльнай сетцы X, сьцьвярджаючы, што ня бачыў тэксту закону да яго прыняцьця.

«Гэты законапраект ня быў паказаны мне ні разу і быў прыняты так хутка, што амаль ніхто ў Кангрэсе не пасьпеў яго прачытаць!», — напісаў ён.

Маск раскрытыкаваў сяброў рэспубліканскай партыі і прэзыдэнта за адмову ад дэкляраванай палітыкі скарачэньня бюджэтнага дэфіцыту. Трамп у адказ заявіў, што «самы просты спосаб скараціць бюджэт» — спыніць дзяржаўныя субсыдыі для кампаніяў Маска і разарваць кантракты зь імі.

«Я заўсёды дзівіўся, што Байдэн гэтага не зрабіў», — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth.

Акрамя таго, мільярдэр заявіў, што SpaceX спыніць праект касьмічнага карабля Dragon, які дастаўляе астранаўтаў на МКС. Пазьней ён адмовіўся ад гэтай заявы. Таксама ён перапосьціў допіс іншага аўтара пра тое, што Трампу трэба абʼявіць імпічмэнт і замяніць яго віцэ-прэзыдэнтам Дж.Д. Вэнсам.

У адным з сваіх допісаў на Х Маск заявіў бяз доказаў, што Трамп фігуруе ў справе асуджанага за сэкс-злачынствы бізнэсоўца Джэфры Эпштэйна, які скончыў самагубствам у турме.

Пасьля сваркі Трампа і Маска акцыі кампаніі Tesla ўпалі на 15% — гэта найбуйнейшае падзеньне за дзень за тры месяцы. SpaceX не таргуецца на біржы.

У траўні законапраект аб падатках і выдатках, які сам Дональд Трамп называе «вялікім і прыгожым» законам, быў прыняты Палатай прадстаўнікоў зь невялікай перавагай галасоў. У Сэнаце дакумэнт сутыкнуўся з супрацівам, у тым ліку сяброў Рэспубліканскай партыі, якая зараз мае большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу.

  • Маск выдаткаваў на перадвыбарную кампанію Трампа больш за 250 млн даляраў і працаваў у яго адміністрацыі.
  • 30 траўня Ілан Маск пакінуў адміністрацыю прэзыдэнта Дональда Трампа, дзе займаў пасаду кіраўніка новага Дэпартамэнта эфэктыўнасьці ўраду (DOGE).
  • Яго стварылі з мэтай скарачэньня выдаткаў ураду. Маск працаваў фактычна як няштатны спэцыяліст, кіруючы дэпартамэнтам у якасьці спэцыяльнага дзяржаўнага службоўца. У гэтым статусе нельга працаваць больш за 130 дзён у год.
  • Пасьля заканчэньня працы Маска ў адміністрацыі прэзыдэнта Трамп падарыў бізнэсмэну сымбалічны залаты ключ ад Белага дому — у знак падзякі за працу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG