У інтэрвію ВВС Сьвятлана Ціханоўская расказала пра эпізод у жніўні 2020 году, калі яе прымушалі выехаць зь Беларусі, i размову з супрацоўнікамі КДБ. Урывак з размовы публікуе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская расказала, што на наступны дзень пасьля выбараў пайшла ў Цэнтральную выбарчую камісію з пратэстам супраць фальсыфікацыяў і патрабаваннем пераліку галасоў. У ЦВК яе сустрэлі два супрацоўнікі КДБ, завялі ў асобны пакой і пачалі размову.
«Яны пачалі запалохваць, шантажаваць маімі дзецьмі. Казалі, што ведаюць, дзе яны знаходзяцца. Што я буду затрыманая. Што зь імі зробяць у дзіцячым доме. Што я ня ўбачу, як яны растуць. Я — маці. Мне дэталёва апісалі, што чакае маіх дзяцей у дзіцячым доме. А старэйшаму сыну патрэбныя спэцыяльныя кахлеарныя імплантаты, батарэйкі, чыстка. Гэта было дадатковым ціскам. Я размаўляла зь імі тры гадзіны. Прасіла: „Людзі хочуць перамен. Ім патрэбныя свабодныя выбары. Давайце пачнём дыялёг“. Але яны былі ўпэўненыя, што калі прымусяць мяне зьехаць, людзі ня выйдуць на вуліцы.
Праз тры гадзіны я паддалася, бо мая ўнутраная маці выйграла барацьбу. Гэта быў жахліва балючы выбар. Я не магла паверыць, што павінна пакінуць краіну. Мне здавалася, што людзі ўспрымуць гэта як здраду. Але я зрабіла гэты выбар.
Яны загадалі запісаць відэа — нешта абсалютна агульнае, што „ня трэба праліваць кроў“. І далі мне 20 хвілін сабрацца. Я ўзяла толькі маленькі заплечнік з дакумэнтамі.
Нас адвезьлі да мяжы. Я не магла паверыць, што мяне ўжо няма ў краіне. Я адразу запісала відэа: „Я выехала з краіны. Мне вельмі шкада“. Шчыра кажучы, я была ўпэўненая, што людзі ўсё спыняць. Што яны мяне падтрымаюць. Я адчувала сябе здрадніцай. Але я так удзячная беларусам, што яны сказалі: „Слухай, лепш табе быць на волі і працягваць змаганьне, чым сядзець у турме“. І людзі ў Беларусі самі арганізаваліся. Ім ня быў патрэбны лідэр. Гэта была сапраўдная народная рэвалюцыя».
- 11 жніўня 2020 КДБ Беларусі заявіў, што на Ціханоўскую рыхтаваўся замах, прычым прыхільнікамі апазыцыі. Паводле сілавікоў, пратэстоўцам патрэбная была «сакральная ахвяра».
- 9 кастрычніка 2020 падчас урадавай нарады Аляксандар Лукашэнка паведаміў новыя падрабязнасьці: паводле яго вэрсіі, Ціханоўскай перад ад’ездам было перададзена зь бюджэту 15 тысяч даляраў. 30 верасьня 2021 году ў інтэрвію тэлекампаніі CNN Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дапамагаў Ціханоўскай выехаць зь Беларусі на яе асабістую просьбу.
Форум