Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караль Наўроцкі — гісторык-кансэрватар, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы, выкарыстоўваючы рэцэпты Трампа


Караль Наўроцкі
Караль Наўроцкі

Кансэрватыўны кандыдат Караль Наўроцкі, гісторык, які ствараў імідж «крутога хлопца», адначасова дэманструючы падтрымку ад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, перамог лібэральнага мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы 1 чэрвеня.

Пра тое, што гэта значыць для Польшчы і рэгіёну, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Наўроцкі перамог з вынікам 50,89%, нанёсшы паразу ня толькі свайму канкурэнту, а і прэмʼер-міністру Дональду Туску, блізкаму саюзьніку Тшаскоўскага. Разам з тым ён умацаваў надзеі кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая падтрымала Наўроцкага, вярнуцца да ўлады ў 2027 годзе – ці, магчыма, нават раней.

За вайсковую дапамогу Ўкраіне, але супраць яе сяброўства ў NATO

42-гадовы прэзыдэнт адрозьніваецца ад некаторых іншых эўраскептыкаў рэгіёну, такіх як Робэрт Фіца, прэмʼер-міністар Славаччыны, або Віктар Орбан, прэмʼер-міністар Вугоршчыны.

У адрозьненьне ад іх, Наўроцкі падтрымлівае дапамогу Ўкраіне ў вайне супраць уварваньня расейскіх войскаў. Але ён адкрыта заявіў, што выступае супраць сяброўства Ўкраіны ў NATO, і гэта пункт погляду, які, здаецца, прадзяляюць усё больш палякаў.

«Наўроцкі будзе цьвёрда выступаць супраць імпэрскіх амбіцый Расеі. Ён зьяўляецца рашучым прыхільнікам NATO і альянсу са Злучанымі Штатамі, і ён будзе працягваць актыўную ролю Польшчы ў рэгіёне. Ён таксама будзе падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць Расеі», – прагназуе Славомір Дэмбскі, запрошаны прафэсар стратэгіі і міжнародных адносін у Каледжы Эўропы ў Варшаве.

«Аднак ягоная перамога таксама часткова зьяўляецца рэакцыяй на публічную непавагу [ўкраінскага] прэзыдэнта Зяленскага да [сыходзячага польскага] прэзыдэнта [Анджэя] Дуды, асабліва на яго прамову на Генэральнай Асамблеі ААН у 2023 годзе, дзе ён параўнаў Польшчу з Расеяй. Для выбарцаў Наўроцкага гэта было непрымальна. Украіна больш ня можа ўспрымаць Польшчу як нешта безумоўнае», – дадае прафэсар.

Параза Тшаскоўскага

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яго з малым адрывам перамог Дуда, і гэтым разам Тшаскоўскі лічыўся відавочным фаварытам. Да нядаўняга часу.

Выбарчыя банэры
Выбарчыя банэры

Нягледзячы на тое, што два тыдні таму ён перамагаў у першым туры з 31,3%, моцныя вынікі Наўроцкага тады (ён адстаў менш чым на два працэнтныя пункты) і той факт, што кандыдаты, якія занялі трэцяе і чацьвёртае месцы, былі яшчэ больш кансэрватыўнымі, чым Наўроцкі, далі падставы меркаваць, што можа адбыцца сюрпрыз.

Магчыма, галоўны вынік заключаецца ў тым, што ніводзін з мэдыйных скандалаў вакол Наўроцкага ў апошнія тыдні ня змог паўплываць на яго рост папулярнасьці. Насамрэч, падобна, яны павысілі яго прывабнасьць.

Сцэнар Трампа

Адносна малавядомага гісторыка, які ўзначальваў Музэй Другой сусьветнай вайны ў Гданьску і Інстытут нацыянальнай памяці, абвінавачвалі ў футбольным хуліганстве (што ён не адмаўляе), сувязях з гангстэрамі і нэанацыстамі, у пастаўках прастытутак для гасьцей прыморскага гатэлю, дзе ён раней працаваў ахоўнікам.

Наўроцкі назваў большасьць паведамленьняў «хлусьнёй». Здаецца, ён узяў на ўзбраеньне той жа падыход, што і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Яны сустракаліся ў траўні. Абодва абвінавацілі СМІ ў «лібэральнай прадузятасьці» і адрыве ад рэальнасьці.

Перадвыбарчы штаб Наўроцкага падкрэсьліваў моцную падтрымку ад ЗША, у тым ліку з боку міністра ўнутранай бясьпекі Крысьці Ноэм, якая на Канфэрэнцыі кансэрватыўных палітычных дзеяньняў у Польшчы параўнала яго з Трампам.

У краіне, якая зьяўляецца актыўна праамэрыканскай, лічыць Вашынгтон сваім найважнейшым саюзьнікам і ў якой знаходзіцца больш за 10 000 амэрыканскіх вайскоўцаў, такая падтрымка мае значэньне.

Нягледзячы на тое, што роля прэзыдэнта ў Польшчы ў значнай ступені цырыманіяльная, у яго ёсьць адна важная функцыя: права вэта на заканадаўства.

Да гэтага часу Дуду ўдавалася блякаваць такія прапановы, як бясплатны доступ да экстранай кантрацэпцыі і афіцыйнае прызнаньне сілезскай мовы мовай меншасьці. Ён таксама пагражаў накласьці вэта на больш лібэральныя законы аб абортах, калі яны дойдуць да ягонага кабінэту.

Наўроцкі, верагодна, будзе актыўна перашкаджаць ураду ў большасьці судовых рэформаў, якія Туск абяцаў рэалізаваць пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у канцы 2023, пасьля васьмі гадоў дамінаваньня ПіС.

Гэтыя гады адзначаліся значнай прахалодай паміж Брусэлем і Варшавай. У прыватнасьці, Эўрапейская камісія падала ў суд на Польшчу за палітызацыю судовай сыстэмы. Пакуль, аднак, ня варта чакаць вяртаньня да такой практыкі.

Пагроза ўладзе Туска?

Пытаньне ў тым, як доўга пратрымаецца шырокая кааліцыя Туска, якая, акрамя яго памяркоўнай Грамадзянскай плятформы (ГП), таксама ўключае левыя і больш кансэрватыўныя аграрныя партыі. Ягоны ўрад непапулярны, таму што не змог ажыцьцявіць радыкальныя зьмены, абяцаныя два гады таму.

Насамрэч, посьпех Наўроцкага можна растлумачыць гэтым расчараваньнем. Яно можа быць невыразным да агульных выбараў 2027 году, але ПіС будзе ўпэўненая, што рана ці позна верне сабе поўную ўладу.

Пасьля некалькіх выбараў, у тым ліку ў Аўстраліі, Канадзе і Румыніі, дзе лібэральныя або левацэнтрысцкія палітыкі перамаглі пасьля дыстанцыяваньня ад Трампа, прэзыдэнт ЗША, здаецца, паспрыяў перамозе ў ключавой эўрапейскай краіне.

Трамп, верагодна, аддасьць перавагу супрацоўніцтву з Наўроцкім, а не з Тускам, які быў заняты наладжваньнем больш шчыльных сувязяў з Брусэлем, а таксама зь нядаўна прызначаным канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам і прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Туск, верагодна, цяпер будзе менш прыкметнай фігурай і ў фарміраваньні парадку дня ў такіх пытаньнях, як пашырэньне ЭЗ і палітыка бясьпекі на кантынэнце (Польшча — краіна, у якой на душу насельніцтва найбуйнейшыя ў Эўропе выдаткі на абарону).

Як перамога Наўроцкага адаб'ецца на палітыцы рэгіёну

Некаторыя апасаюцца, што Варшава паступова зблізіцца зь іншымі краінамі, такімі як Вугоршчына і Славаччына. Іх папулісцкая палітыка пасьлядоўна супярэчыць ЭЗ у многіх галінах. Чэхія патэнцыйна можа рухацца ў тым жа кірунку пасьля парлямэнцкіх выбараў увосень.

Новаабраны прэзыдэнт таксама наўрад ці атрымае вялікую падтрымку з боку Масквы. Наўроцкі адказны за знос некалькіх помнікаў Чырвонай Арміі ў Польшчы. Расея лічыць гэта злачынствам і летась абвясьціла Наўроцкага ў нацыянальны вышук.

Ва Ўкраіне перамога Наўроцкага ўспрымаецца зь некаторымі засьцярогамі. Наўроцкі станоўча выказаўся аб скарачэньні некаторых сацыяльных выплат для ўкраінцаў, якія жывуць у Польшчы. Што тычыцца польскіх фэрмэраў, ён сказаў, што спачатку павінны быць забясьпечаныя іх інтарэсы, перш чым Украіна зь яе вялікім сельскагаспадарчым сэктарам зможа ўступіць у ЭЗ.

Такім чынам, хоць Польшча будзе заставацца жорсткай у адносінах да Крамля, яна будзе ўсё больш замыкацца ў сабе, што патэнцыйна можа нашкодзіць Кіеву.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG