На самалёце плянуюцца палёты на «курорты паўднёва-ўсходняй Азіі». Прэзэнтаваная кампаніяй мадэль мае нумар EW-588PD.
Кіраўнік авіякампаніі Ігар Чаргінец пацьвердзіў ранейшую інфармацыю Свабоды, што ў Менск прыбылі тры самалёты такога тыпу.
Што азначае зьяўленьне Airbus A330-200 для авіякампаніі, сама «Белавія» пералічыла ў пунктах на сваім канале: магчымасьць зьдзяйсьняць далёкамагістральныя рэйсы і адчыняць новыя маршруты.
«І, канешне, мы вельмі шмат рыхтаваліся:
Узмоцнена вучыліся. Прычым усе: пілёты, тэхнікі, бортправаднікі і сотні калегаў з іншых падразьдзелаў.
Адтачылі навыкі на практыцы.
Наладзілі новыя працэсы тэхнічнага абслугоўванья новых самалётаў, загрузкі багажу, абслугоўваньня на борце…»
Неўзабаве «Белавія» абяцае раскрыць новыя падрабязнасьці.
«Да гэтага моманту ў транспартнай сфэры Беларусі не было далёкамагістральных самалётаў, здольных выконваць пасажырскія перавозкі на вялікія адлегласьці. Сёньня мы можам казаць пра тое, што становішча кардынальна зьмянілася: у флёце авіякампаніі – трвы шырокафюзэляжных Airbus 330-200», – паведамілі ў Belavia.
Як раней паведамляла Свабода ў сваім сумесным з праектам «Бюро Мэдыя» расьсьледаваньні, Airbus A330-200 трапіў у Беларусь праз фірму-пракладку, зарэгістраваную ў афрыканскай дзяржаве Гамбія. Самалёты вырабленыя ў Эўропе. Такім чынам, рэжым Лукашэнкі знайшоў спосаб, як абысьці санкцыі Эўразьвязу, уведзеныя за прымусовую пасадку самалёта 18 траўня 2021 году.
Тры самалёты завезеныя ў Беларусь 17 жніўня 2024 году. На той момант яны належалі гамбійскай кампаніі «Magic Air». Усім самалётам на сёньня больш за 20 гадоў.
На гэты момант плянуецца запуск толькі аднаго самалёта, але да канца году на маршруты выйдуць астатнія два. Гэтуюю інфармацыю ў час прэзэнтацыі самалёту пацьвердзіў міністар транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч. Ён таксама назваў гэта новым этапам разьвіцьця беларускай цывільнай авіяцыі.
Форум