Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга легкавых машын і аўтобусаў на мяжы Беларусі і Польшчы зноў вырасла


Памежны пераход у Берасьці. Архіўнае фота
Памежны пераход у Берасьці. Архіўнае фота

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, 6 чэрвеня ўезду зь Беларусі ў Польшчу чакала 1.730 легкавых аўтамабіляў і 75 аўтобусаў.

Раніцай 5 чэрвеня ў чарзе на выезд зь Беларусі ў Польшчу стаялі 1 555 легкавых аўтамабіляў і 55 аўтобусаў.

«На працягу содняў кожную гадзіну яны (польскія памежнікі) прапускалі 30 легкавікоў і 2 аўтобусы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы беларускага памежнага ведамства.

Тым самым Дзяржаўны памежны камітэт фактычна зьняпраўдзіў распаўсюджаную ім жа напярэдадні інфармацыю аб тым, што польскі бок з 10.00 5 чэрвеня прыпыніў афармленьне аўтобусаў, якія прыбываюць праз пункт пропуску Тарэспаль (Берасьце).

Гэтае сьцьверджаньне таксама абверглі прадстаўнікі Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, які кіруе пунктам пропуску ў Тарэспалі: там заявілі, што перапынкаў у працы 5 чэрвеня не было.

Паміж Беларусьсю і Польшчай дзейнічае адзіны пераход для легкавых машын і аўтобусаў — у Берасьці.

Што робіцца на іншых пераходах

Уезду зь Беларусі ў Літву на 10:00 чакала 140 легкавых аўтамабіляў, у Латвію — ніводнага, сьведчаць зьвесткі Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Што да грузавога транспарту, то найбольшыя чэргі — 530 і 340 аўтамабіляў — зафіксавалі ля пунктаў пропуску Беняконі і Каменны Лог адпаведна.

Уезду ў Латвію чакала 180 грузавікоў, у Польшчу — ніводнага.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG