Уладзімір Пуцін даручыў падрыхтаваць указ аб сьвяткаваньні ў 2028 годзе 225-годзьдзя з дня нараджэньня паэта Фёдара Цютчава, паскорыць прыняцьце закону аб мовах народаў Расеі, распрацаваць прапановы па прасоўваньні расейскай мовы на акупаваным украінскім Данбасе, а таксама разабрацца з праблемай недаступнасьці кніг для сельскіх бібліятэк.
Пуцін падтрымаў стварэньне міжведамаснага навукова-мэтадычнага цэнтру папулярызацыі расейскай мовы за мяжой, арганізацыю моўных прастораў на базе цэнтру «Расея» і яго філіялаў, а таксама запуск клюбаў чытальнікаў у школах пры падтрымцы таварыства «Веды».
Таксама ён заклікаў захаваць кірыліцу ў грамадзкай прасторы і адмовіцца ад празьмерных запазычаньняў з замежных моў.
У Беларусі ўжо 27 арганізацый з падтрымкай Масквы
Відавочна, праграма папулярызацыі расейскай мовы за мяжою можа ўключыць і Беларусь. Пры гэтым у краіне й так дзейнічае 27 «арганізацый суайчыньнікаў», — установаў і суполак, якія фінансуюцца Масквою праз амбасаду Расеі ў Менску. Гэта ў тым ліку арганізацыі, зьвязаныя з акупаванымі Расеяй украінскімі тэрыторыямі. У прыватнасьці, «Зямляцтва Данбасу» і «Сацыяльна-культурны цэнтар Крымскае зямляцтва».
Сярод іншага, у Беларусі дзейнічаюць ужо чатыры так званыя «Расейскія дамы». У Менску, Гомлі, Берасьці і Горадні. Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць. Арганізацыя адпраўляла дзяцей і моладзь з Гомля ў расейскія гарады і акупаваны Крым, а «Расейскі дом» у Берасьці зьбіраў падарункі для сем’яў, якія жывуць у нястачы, у тым ліку сем’яў з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.
«Русские дома» — гэта праект расейскага агенцтва «Россотрудничество», які займаецца расейцамі за мяжой. Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць.
«Россотрудничество» знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу і іншых краін. Гэтую дзяржаўную структуру расцэньваюць як «галоўны дзяржаўны орган, які праектуе мяккую сілу і гібрыдны ўплыў Крамля, у тым ліку прасоўваньне канцэпцыі „русского мира“».
Становішча з адукацыяй у Беларусі
У статуце таго самага «Расейскага дому» прапісаная мэта разьвіцьця расейскай мовы і адукацыі. Пры гэтым асноўнай мовай навучаньня ў абсалютнай большасьці звычайных сярэднеадукацыйных беларускіх школаў застаецца расейская. У 1993 годзе тры чвэрці першаклясьнікаў краіны — 76% — пайшлі ў беларускія клясы. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году пачаўся спад. Яго вынікам стала тое, што зараз толькі 8% беларускіх дзяцей вучацца па-беларуску.
У цэлым у краіне колькасьць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зьменшылася на 34,4% (з 135 523 на канец 2014 да 88 885 на канец 2024 году), на расейскай — вырасла на 22,6% (з 808.293 да 991 274).
Акрамя таго, Маскву непакоіць кірунак навучаньня ў Беларусі. Крамлёўскі інстытут прапануе перапісаць гісторыю Беларусі на аснове ідэяў «рускага сьвету» і «адзінага народу», — высьветліла раней расьсьледніцкае агенцтва «Бюро».
У Расеі заклапочаныя тым, як у беларускіх падручніках і культурна-гістарычных праграмах трактуецца «старая гісторыя», бо гэтая трактоўка «радыкальна разыходзіцца з прынятай у Расеі» і фармуе ідэнтычнасьць беларусаў «на па сутнасьці антырасейскіх прынцыпах», гаворыцца ў аналітычнай запісцы, падрыхтаванай сёлета Расейскім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў.
Крымінальная справа «Рэгнуму»
У лютым 2018 году ў Беларусі Менскі гарадзкі суд вынес вырак у справе аўтараў пракрамлёўскага агенства Regnum, якіх судзілі за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці ў складзе групы.
Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, былы школьны вартаўнік зь Берасьця Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка былі прызнаныя вінаватымі і асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе і прафіляктычны нагляд. Зь іхных рахункаў і іхнай маёмасьці зьнялі арышт.
Самі асуджаныя так і не прызналі сваёй віны, у апошнім слове называлі працэс палітычным і пасьля суду заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
У сваіх публікацыях Алімкін называў беларускую мову «расейскім дыялектам», вывучэньне беларускай мовы дзецьмі, на думку Алімкіна, можа «сапсаваць назаўсёды мазгі». А беларускіх чыноўнікаў ад адукацыі ён называў «недабітымі паліцаямі». Беларусаў і ўкраінцаў ён не лічыў асобнымі нацыямі, ідучы сьлед у сьлед з расейскімі шавіністычнымі тэорыямі канца ХІХ стагодзьдзя.
Паўлавец, хоць і працаваў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, адкрыта выступаў супраць беларускай мовы, называючы яе «мёртвай» і абвінавачваў складальнікаў беларускіх падручнікаў гісторыі ў «русафобіі».
Шыптэнка пісаў, што «Беларусь павольна, але ўпэўнена рухаецца да мадэлі этнічнага нацыяналізму на ўкраінскі ўзор». Неаднаразова ў сваіх публікацыях абражаў беларускую мову і распаўсюджваў расейскія шавіністычныя наратывы.
У беларускім грамадзтве такія прысуды публіцыстам — ідэолягам «русского мира» ўспрынялі з супярэчнасьцямі. З аднаго боку, «рэгнумаўцаў» не апраўдалі, а з іншага — прысуд ім ня быў зьвязаны з рэальным турэмным зьняволеньнем.
Скандалы з «Расейскімі дамамі»
Ужо дзьве краіны былога Савецкага Саюзу закрылі «Расейскія дамы» пасьля міжнарожных спрэчак. У Баку гэта пачалося пасьля катастрофы самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» пад Актаў у сьнежні 2024 году. У Азэрбайджане ўскладаюць адказнасьць за яе на Расею, сьцьвярджаючы, што самалёт быў, відавочна ненаўмысна, абстраляны расейскай СПА.
Пасьля гэтага ўлады Азэрбайджану заявілі аб юрыдычных прэтэнзіях да прадстаўніцтва «Россотрудничество» і закрылі «Расейскі дом» у Баку.
Неўзабаве, 13 лютага 2025 году «Расейскі дом» закрылі ў Кішынёве. МЗС Малдовы прыняло рашэньне аб аднабаковай дэнансацыі малдаўска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб стварэньні і функцыянаваньні культурных цэнтраў, заключанага ў 1998 годзе.
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду патлумачыла рашэньне расейскімі бесьпілётнікамі, якія трапілі на тэрыторыю краіны з Адэскай вобласьці Ўкраіны і ўзарваліся.
У МЗС Малдовы тэрмінова выклікалі расейскага амбасадара Алега Азёрава, якому выказалі «рашучы пратэст у сувязі з гэтымі непрымальнымі парушэньнямі», падкрэсьліўшы, што падобныя інцыдэнты ўяўляюць сабой «парушэньне нацыянальнага сувэрэнітэту» і сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і грамадзянам Малдовы. Расейскаму дыплямату таксама прадэманстравалі абломкі расейскіх бесьпілётнікаў, якія ўпалі на тэрыторыі Малдовы.
Сапраўдны стан «моваў народаў Расеі»
Пры гэтым Беларусь — адзіная незалежная дзяржава на тэрыторыі былога СССР, у якой мова тытульнае нацыі ня мае статусу адзінай дзяржаўнай, а дзеліць яго з расейскаю моваю. На гэтым тле Беларусь цяпер выглядае ня як незалежная, самастойная дзяржава, а як тыповая аўтаномія РФ.
Стан моваў народаў Расеі ў цяперашні час зазвычай вельмі кепскі. Атляс UNESCO адзначае: пад пагрозай зьнікненьня ў РФ 131 мова. Без пагрозы для далейшага існаваньня пакуль існуе толькі татарская мова, але нават зь ёй ёсьць праблемы ў самым Татарстане. У 2002 годзе 53,3% жыхароў Татарстану валодалі татарскаю моваю, а ў 2010-м — 51,9%. Па-за межамі рэспублікі татары, як адзначаюць навукоўцы, імкліва губляюць сваю тоеснасьць, а разам зь ёй і мову.
Сярод 33 FM-станцыяў Казані 4 перадаюць па-татарску. У Менску з 24 станцыяў па-беларуску працуюць дзьве, а 1-я праграма дзяржаўнага радыё — часткова.
А вось стан іншых моваў народаў Расеі пастаянна пагаршаецца. Ад нядаўняга часу вывучэньне нацыянальных моваў ня лічыцца ў Расеі абавязковым, абавязковая для навучаньня толькі расейская. У 2002 годзе 25,75%, а ў 2010 годзе ўжо толькі 23,4% насельніцтва рэспублікі валодала башкірскай мовай, прытым што 75,2% этнічных башкіраў назвалі башкірскую мову роднай. Але ў 2018–2019 навучальным годзе башкірскую мову вывучалі як родную толькі 15,6% вучняў.
У 1959 годзе лічылі роднай сваю этнічную мову 93,7% комі, у 1970 — 86,7%, у 1979 — 80%, а ў 2010 годзе ўжо толькі 62,8% комі. І хоць комі лічыцца роўнай з расейскай у рэспубліцы, правы людзей, якія карыстаюцца сваёй роднай мовай, нярэдка ігнаруюцца.
У 2010 годзе толькі 65% удмуртаў у самой Удмуртыі назвалі роднаю мову свайго народу. Доля ўдмуртаў ва Ўдмуртыі, якія валодаюць этнічнай мовай, упала за 8 гадоў на 31%. Школаў з выкладаньнем па-ўдмурцку ўвогуле няма.
Апатэозам трагічнага становішча з асьветай на шэрагу моваў народаў цяперашняй Расеі можна назваць самаспаленьне навукоўца. У Іжэўску (Іжкары па-ўдмурцку) 10 верасьня каля будынка Дзяржаўнага савету Ўдмуртыі падпаліў сябе былы дырэктар Інстытуту чалавека Ўдмурцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Альбэрт Разін. Зь ім былі транспаранты: «І калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці» і «Ці ёсьць у мяне Айчына?» Альбэрту Разіну было 79 гадоў. Ён быў кандыдатам філязофскіх навук, дацэнтам, заслужаным дзеячом навукі Ўдмуртыі. Актыўна ўдзельнічаў ва ўдмурцкім нацыянальным руху «Ўдмуртыя Кенеша».
Расейскія ўлады ў самаспаленьні Разіна «вінаватых не знайшлі». За наступныя пасьля самаспаленьня шэсьць гадоў стан удмурцкай мовы па-ранейшаму пагаршаецца.
Форум