Паводле агенцтва Reuters, якое спасылаецца на ананімных амэрыканскіх і эўрапейскіх афіцыйных асобаў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў усё ж захаваць традыцыю — на чале NATO ў Эўропе стаіць амэрыканскі генэрал. Гэтае рашэньне можа выклікаць палёгку найперш у эўрапейскіх саюзьнікаў па NATO ў кантэксьце жорсткай рыторыкі Вашынгтону ў адрас Брусэлю і яго скептыцызму што да вайны ва Ўкраіне.
Пэнтагон, Белы дом і NATO пакуль не пацьвердзілі гэтую інфармацыю, аднак, паводле крыніц Reuters, новым Вярхоўным галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе (SACEUR — Supreme Allied Commander Europe) і Эўрапейскага камандаваньня (EUCOM) Узброеных сілаў ЗША можа стаць генэрал-лейтэнант паветраных сілаў ЗША 53-гадовы Алексус Грынкевіч. Ад 2022 году гэтыя пасады займае генэрал Крыстафэр Каволі, які каардынаваў вайсковую дапамогу Ўкраіне ў вайне з Расеяй.
Генэрал-лейтэнант Грынкевіч цяпер узначальвае Апэратыўнае кіраваньне Камітэту начальнікаў штабоў УС ЗША. Цягам сваёй вайсковай кар’еры ён быў пілётам зьнішчальнікаў F-16 Fighting Falcon і F-22 Raptor, налятаўшы больш за 2300 гадзін.
Беларускія карані Грынкевіча
Свабода дасьледавала генэалягічныя рэсурсы, каб спраўдзіць, ці прозьвішча імавернага камандуючага сіламі NATO ў Эўропе мае беларускае паходжаньне. Адказ — мае.
Алексус Грынкевіч — гэта праўнук Ільлі Грынкевіча, які на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў эміграваў зь Менску ў ЗША.
На генэалягічных рэсурсах мы знайшлі інфармацыю, што прадзед генэрала ЗША Алексуса Грынкевіча нарадзіўся ў 1873 годзе (у дакумэнтах фігуруюць розныя даты, але гэтая самая імаверная) у Менску (тады — частка Расейскай імпэрыі) ў сям’і Сьцяпана (Стэфана) і Агаты Грынкевічаў. У 1899 годзе ён ступіў на амэрыканскую зямлю, дзе стаў Elias Grinkevitch.
Пазьней напісаньне прозьвішча ў англамоўных дакумэнтах трансфармавалася ў Grynkewich.
Якраз на мяжу стагодзьдзяў прыпаў пачатак першай масавай хвалі эміграцыі зь беларускіх земляў Расейскай імпэрыі ў ЗША. Як тлумачыў гісторык беларускай эміграцыі Вітаўт Кіпель у кнізе «Беларусы ў ЗША», прычынай таму — рэакцыйная расейская палітыка, якая сталася галоўным фактарам эканамічна-палітычнага заняпаду краю. Асноўную масу эмігрантаў з Паўночна-Заходняга краю складалі сяляне, многія зь якіх былі безьзямельнымі. Яны шукалі лепшай долі і «абяцанай зямлі».
Паводле дасьледчыка Вадзіма Сяховіча, колькасць беларускіх імігрантаў у ЗША ў 1899–1908 гадах складала каля 60–90 тысяч чалавек.
7 кастрычніка 1906 году Эліяс Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Анастасіяй Сьнігірэвіч (Anastasia Snigerevitch, 1884–1945) — ураджэнкай Вільні, дачкой Адама Сьнігірэвіча, якая апынулася ў Нью-Ёрку ў 1901 годзе. Паводле пасьведчаньня аб шлюбе, цырымонія адбылася ў Мікалаеўскім саборы на Мангэтане — галоўным храме Расейскай праваслаўнай царквы ў ЗША. У дакумэнце прафэсія Грынкевіча пазначана як «рабочы». Імя бацькі нявесты было Адам, а адным са сьведкаў быў Фёдар Лях. Краіна паходжаньня жаніха і нявесты — «Расея». Згодна з матэрыяламі перапісу 1920 году, сужэнства Грынкевічаў разам з чатырма дзецьмі жылі ў Брукліне, працавалі ў абслузе гатэлю. У анкеце пазначана, што родная мова абаіх — «расейская».
Чаму паўсюль у дакумэнтах эмігрантаў зь Менску і Вільні — «Расея» і «расейская мова»?
«Для рэгістратараў і статыстыкаў [у ЗША] сяляне-эмігранты зь Беларусі сталіся „расейцамі“», — пісаў Вітаўт Кіпель у дасьледаваньні «Беларусы ў ЗША». — «Па іхным прыбыцьці на амэрыканскую зямлю іх сустракалі ды зноў жа рэгістравалі як „расейцаў“… Дзякуючы бюракратычнай інэрцыі й непадрыхтаванасьці службоўцаў ураду ЗША беларусы не былі прызнаваныя ў якасьці апрычонае нацыянальнае групы на працягу цэлых дзесяцігодзьдзяў пасьля іхнага прыбыцьця на берагі Новага Сьвету».
Адным з чатырох дзяцей Эліяса і Анастасіі Грынкевічаў быў Нікалас Грынкевіч (Nicholas Grynkewich, 1915–1969). Гэта дзед генэрал-лейтэнанта Алексуса Грынкевіча. Ягоны бацька Грэгары Грынкевіч (Gregory Wayne Grynkewich, 1949–2012) быў вядомым навукоўцам, які запатэнтаваў 14 вынаходак у сфэры ўдасканаленьня прадукцыйнасьці і вытворчасьці паўправаднікоў.
Пра паходжаньне сваёй сям’і генэрал-лейтэнант Алексус Грынкевіч, якога часта называюць «Грынч» (Grynch), ніколі ня згадваў.
Форум