Ініцыятыва MALDZIS паведаміла аб набыцьці карты ВКЛ аўтарства Яна Няпрэцкага, выдадзенай у 1749 годзе. Удзельнікі кампаніі абяцаюць новыя нечаканасьці неўзабаве.
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла ўнікальную мапу Вялікага Княства Літоўскага, створаную Янам Няпрэцкім і ўпершыню надрукаваную ў Нюрнбэргу ў 1749 годзе. Гэта была першая адноўленая за амаль 150 гадоў і найбольш дасканалая мапа ВКЛ пасьля Радзівілаўскай мапы.
Гэта ўжо другая геаграфічная мапа, набытая ініцыятывай. У студзені 2025 году MALDZIS выкупіў Радзівілаўскую мапу ВКЛ, выдадзеную ў 1613 годзе ў Амстэрдаме. Дасьледнік Аляксей Адамовіч, аўтар кнігі «Ян Няпрэцкі і карта Вялікага Княства Літоўскага», зьвяртае ўвагу на тое, што пасьля Радзівілаўскай мапы, упершыню надрукаванай у 1613 годзе, мапы тэрыторыяў Вялікага Княства Літоўскага амаль 150 гадоў не абнаўляліся.
«Тут вельмі важна адзначыць: з 1613 па 1749 год у Эўропе выдавалася толькі Радзівілаўская мапа і яе мадыфікацыі: бралі Радзівілаўскую мапу і пераносілі ўсе паселішчы — нічога новага не дадавалі. І толькі ў 1749 годзе зьявілася новая мапа зь геаграфічнымі аб’ектамі — дадалося больш за 150 новых населеных пунктаў. Вось таму яна такая шыкоўная і ўнікальная», — тлумачыць дасьледнік спадчыны картографа Няпрэцкага.
Картограф, матэматык і езуіт
Пра самога Яна Няпрэцкага дайшло вельмі мала зьвестак, акрамя таго, што ён нарадзіўся, імаверна, у студзені 1717 год і памёр маладым у 1750 годзе, пражыўшы ўсяго 32 гады.
«Мы ведаем, што нарадзіўся Ян Няпрэцкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, я мяркую, што на Случчыне. Уступіў у ордэн езуітаў. Вывучаў у калегіюмах філязофію й тэалёгію. Пасьля выкладаў, сярод іншага, у Горадзенскім калегіюме і менавіта там рыхтаваў мапу. Як ён гэта рабіў, мы дакладна ня ведаем. Скончыў працу над мапай у 1747–48 гадах», — кажа Аляксей Адамовіч.
Мапа Няпрэцкага была ўпершыню выдадзеная ў 1749 годзе пад рэдакцыяй знакамітага нямецкага картографа, матэматыка і астранома Тобіяса Маера ў выдавецтве Homanns Erben («Спадкаемцы Гомана») у Нюрнбэргу. На той час выдавецтва лічылася лідэрам у выданьні мапаў.
І сама карта, і месца яе выданьня сьведчаць, што ўзровень адукацыі ў ВКЛ дазваляў ствараць прадукты, адпаведныя сусьветным стандартам, кажа Аляксей Адамовіч. Яе стварэньне патрабавала глыбокіх ведаў у картаграфіі, матэматыцы, астраноміі й геадэзіі.
Першае выданьне ў 1749-м, шостае — у 1812-м
Вядома пра 6 выданьняў мапы Яна Няпрэцкага, што выходзілі ў Нюрнбэргу ад 1749 да 1812 году. Набыты ініцыятывай MALDZIS асобнік належыць да чацьвертага выданьня, ён надрукаваны пасьля 1767 году. Першае выданьне наагул не было падпісанае, апавядае Аляксей Адамовіч.
«Толькі другое выданьне было падпісанае — мапу стварыў Ян Няпрэцкі. Перавыдавалі мапу ў 1768–69 гадах, пасьля ў 1770-х і ў 1790-х.
Апошняе выданьне было ў 1812 годзе, калі ВКЛ ужо не існавала. Яно вельмі рэдкае. Тады з аднаго боку была Расейская імпэрыя, а з другога боку Напалеон. І невядома, хто гэтую мапу падрыхтаваў — ці была гэта беларуская шляхта, альбо ўвогуле гэта быў, як цяпер бы сказалі, „хайп на тэме“: нямецкае выдавецтва, разумеючы, што будзе запыт, выдала такую мапу», — выказаў думку Аляксей Адамовіч.
Роля езуітаў
Дасьледнік расказаў, што часткова захаваўся ліст самога Яна Няпрэцкага, які ён пісаў нямецкаму выдавецтву. У гэтым суправаджальным лісьце картограф апісвае ўсе ваяводзтвы. Часткова ліст, напісаны па-лацінску, надрукаваны на самой мапе, у правым верхнім куце.
«Калі рыхтавалася другое выданьне, гэтаму паспрыялі езуіты. Па тэрыторыі Беларусі былі высланыя абозы зь людзьмі, якія зьбіралі новыя дадзеныя, рабілі замеры. Таму другое выданьне вельмі адрозьніваецца ад першага: пазначана больш гарадоў, мястэчак», — заўважае Аляксей Адамовіч.
Суразмоўца дадае, што ў польскай гісторыяграфіі прозьвішча аўтара пішацца Nieprzecki, хоць на самой мапе напісана Nieprecki.
«У ХІХ стагодзьдзі польскі гісторык зьмяніў гэта прозьвішча, прыпісаўшы яго да польскага роду Няпшэцкіх, і дагэтуль ў польскай гістарыяграфіі ён пішацца Nieprzecki. Вельмі важна, што беларускае імя вярнулася да нас», — адзначае Аляксей Адамовіч.
Мапу купілі ў інтэрнэт-краме, як майку
Пра тое, дзе набылі каштоўны экспанат, як узьнікла ідэя выкупіць менавіта гэтую мапу, Свабодзе расказаў апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня. Ён нагадаў, што звычайна такія рэчы набываюцца праз аўкцыён ці інтэрнэт-краму.
«Гэты экспанат куплялі праз інтэрнэт-краму. Гэта дастаткова просты працэс, тут няма цікавай гісторыі — як у краме адзеньня купіць майку (сьмяецца). Мапа была ў Літве, трэба былі дазволы на вываз, але гэта досыць просты працэс. Месяца паўтара таму мы набылі мапу, а вось цяпер прэзэнтуем. Набытая яна дзякуючы беларускаму ахвярадаўцу Алексу Шубу. За колькі купілі — камэрцыйная таямніца», — кажа Астапеня.
Інвэстыцыі ў вяртаньне каштоўнасьцяў
Унікальная мапа Яна Няпрэцкага была знойдзеная дзякуючы былому дыплямату Паўлу Мацукевічу, які шмат гадоў займаецца вяртаньнем у Беларусь гістарычных і культурных каштоўнасьцяў. Менавіта ягонымі намаганьнямі вернута шмат карцін у Нацыянальны мастацкі музэй, парэшткі Магдалены Радзівіл перавезеныя з Швайцарыі ў менскі касьцёл Сьвятога Роха, апавядае Рыгор Астапеня.
«Павал пастаянна адсочвае, што каштоўнага зьяўляецца. То бок ён наш галоўны „мозг“ у гэтай апэрацыі. Зразумела, што мы арыентуемся і на меркаваньні дасьледнікаў: варта — няварта, узгадняем цэны, гэта істотны момант. Эканамічны чыньнік таксама важны, бо мы купляем каштоўнасьці дзякуючы ахвярадаўцам і абавязаныя знаходзіць найлепшыя варыянты, зважаючы на якасьць артэфактаў.
Вяртаньне каштоўнасьцяў — гэта тая справа, якая адбіваецца ў сэрцах людзей. Для многіх гэта істотна — укладаць нешта, каб вярталіся страчаныя каштоўнасьці, якія цягам многіх гадоў вывозілі зь Беларусі», — кажа Рыгор Астапеня.
Зараз ініцыятыва MALDZIS шукае месца ў Варшаве, дзе можна выставіць гэтую мапу. Так што неўзабаве мапу ВКЛ Яна Няпрэцкага можна будзе пабачыць там на ўласныя вочы.
А пакуль набытыя каштоўнасьці захоўваюцца ў банкаўскай скрыні і чакаюць моманту, калі ініцыятыва MALDZIS зробіць выставу.
«Мы шукаем дамоўленасьці і пра больш сталыя экспазыцыі. Але спадзяемся, што гэта ўсё калі-небудзь паедзе ў Беларусь. Што дажывем!», — не хавае аптымізму Рыгор Астапеня.
І інтрыгуе: празь дзесяць дзён MALDZIS паведаміць пра яшчэ адзін каштоўны здабытак, а прыкладна празь месяц — пра другі.
«Гэта будуць два важныя артэфакты, зьвязаныя з навуковай, інавацыйнай дзейнасьцю беларусаў, якія сьведчаць, што нашы суайчыньнікі былі досыць важнымі гульцамі на рынку міжнароднай навукі. Скажу толькі, што гэта ХVII стагодзьдзе», — анансуе наступныя каштоўныя здабыткі апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня. Ініцыятыву можна падтрымаць тут.
Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя беларускія каштоўнасьці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасьці і ўмацаваньні вобразу эўрапейскай нацыі. Такія набыткі, як мапа Няпрэцкага, Радзівілаўская мапа, Трэці Статут ВКЛ ці іншыя, — магчымыя дзякуючы грамадзкім ахвяраваньням.
Форум